ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ, натуральныя рэсурсы,
кампаненты прыроды, якія выкарыстоўваюцца, ці могуць быць выкарыстаны ў якасці сродкаў вытворчасці і прадметаў спажывання для забеспячэння матэрыяльных і інш. патрэб чалавека; гіст. катэгорыя, звязаная з патрэбнасцямі і магчымасцямі грамадства, развіццём навукі і тэхнікі. Уключаюць сонечную радыяцыю, атмасферу, спрыяльныя кліматычныя ўмовы (т-ра паветра, ападкі), карысныя выкапні, глебы, водныя рэсурсы, натуральную расліннасць, жывёльны свет, ландшафты і інш. Маюць дваісты характар: паводле матэрыяльнай формы іх уласцівасці, генезіс і геагр. размеркаванне маюць прыродныя заканамернасці і вывучаюцца прыродазнаўчымі навукамі; паводле эканам. зместу вызначаюцца ўзроўнем даследаванасці, тэхн. магчымасцямі, сац.-эканам. мэтазгоднасцю выкарыстання. Паводле генезісу вылучаюцца мінер., водныя, зямельныя, біял., кліматычныя рэсурсы. Паводле вычарпальнасці П.р. падзяляюцца на вычарпальныя і невычарпальныя (энергія сонца, ветру, прыліваў і інш.). Вычарпальныя прадстаўлены рэсурсамі, якія ўзнаўляюцца (урадлівасць глебы, біяпрадукцыйнасць расл. і жывёльнага свету) і не ўзнаўляюцца (карысныя выкапні). Могуць пераходзіць з адной катэгорыі ў другую. Паводле магчымасці замены адных рэсурсаў інш. вылучаюцца замяняльныя (метал — пластмасай, керамікай і інш.) і незамяняльныя (атмасферны кісларод для дыхання і інш.); паводле эканам. папаўняльнасці (за кошт з’яўлення новых крыніц, новых тэхналогій) — папаўняльныя і непапаўняльныя рэсурсы. Энергетычныя рэсурсы таксама падзяляюцца на рэсурсы, якія ўдзельнічаюць у пастаянным звароце і патоку энергіі (сонечная і гравітацыйная энергія, зямны магнетызм і інш.), дэпаніраваныя (нафта, вугаль, прыродны газ, торф, гаручыя сланцы) і штучныя крыніцы энергіі (атамная, тэрмаядзерная). Вылучаюць асобна пазнавальна-інфарм. рэсурсы, якія дазваляюць людзям уявіць сучасны і мінулы стан прыродных і прыродна-антрапагенных утварэнняў; рэсурсы прасторы (тэрыторыі, прастораў водных і паветраных) і часу (запас часу, які можа быць выкарыстаны для вырашэння экалагічных праблем). Існуе тэрмін інтэгральны рэсурс планеты — сукупнасць усіх рэсурсаў Зямлі, які дае магчымасць больш поўна ацэньваць іх стан і наяўнасць. На Беларусі ёсць розныя П.р.: спрыяльныя для гаспадарання кліматычныя ўмовы і глебавае покрыва, каля 1/3 тэр. ўкрыта лесам, густая сетка рэк, вял. колькасць азёр, багатых рыбай, радовішчы калійных і каменнай солей, нафты, бурага вугалю, гаручых сланцаў, торфу, сапрапеляў, буд. матэрыялаў, мінер. і прэсных вод і інш.
В.С.Аношка.
т. 13, с. 81